СІЛІКА́ТЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,

прыродныя хім. злучэнні, крышт. рашоткі якіх утрымліваюць крэменекіслародныя тэтраэдры SiO4; клас пародаўтваральных мінералаў. Складаюць больш за 75% аб’ёму зямной кары, каля 95% вывергнутых парод. Уключаюць больш за 700 мінералаў (25% усіх мінер. відаў), у т. л. пародаўтваральныя: амфіболы, палявыя шпаты, піраксены, слюды і інш. Паводле тыпаў злучэння SiO4-тэтраэдраў і ўтварэння крышт. структур вылучаюць С.п.: астраўныя, кальцавыя, ланцужковыя, стужачныя, слаістыя і каркасныя. Паводле саставу падзяляюцца на алюма-, бора-, тытана-, цыркона-, ніобасілікаты і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (да 45%), рамбічнай (20%), трыкліннай (9%), тэтраганальнай (7%), трыганальнай і гексаганальнай (10%) і кубічнай (9%) сінганіях. Звычайна белыя, бясколерныя; з прымессю марганцу, жалеза, тытану, медзі, ванадыю і інш. — розных колераў. Бляск шкляны да алмазнага. Шчыльн. 2—6,5 г/см³. Цв. 1—8. Многія С.п. валодаюць кіслотатрываласцю і высокай т-рай плаўлення. Утвараюцца ў магматычных, метамарфічных, метасаматычных пародах, у пегматытах, а таксама пры гідратэрмальных працэсах і выветрыванні. С.п. — руды многіх металаў (нікелю, алюмінію, берылію, літыю, цэрыю, гафнію і інш.), выкарыстоўваюцца ў тэхніцы (слюды, азбест, сіліманіт, кіяніт, алівін, тальк і інш.), ювелірнай і вырабной справах (аквамарын, ізумруд, гранаты, нефрыт, раданіт і інш.), буд-ве (гліна, пясок, друз, бутавы камень).

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)